0 0
Ваша кошык пустая
RU

Піва з чыпсамі з... дуба

Хатняе піваварства для Беларусі з'ява параўнальна новая. Але мы ўсё часцей заўважаем, што «крафтавікам» ужо сумнавата проста эксперыментаваць з базавымі рэцэптамі. Вы налаўчыліся і напрактыкаваліся. Вам хочацца перайсці (а нехта плаўна пераходзіць) на новы ўзровень майстэрства. І шукаеце вы ўсё новыя і новыя фішкі, «перавынаходзячы» рэцэпты. Сёння мы падкажам вельмі цікавы, хоць і правераны часам, але досыць рэдка ўжываемая (а значыць, - ня абрыдлая і небанальная) «разыначка» для вашага піва. Дапаможам яму здабыць асаблівы характар, па-віннаму вытрымаўшы ў драўлянай бочцы. Хаця не, спросцім (не пагаршаючы вынік).

Хоць невялічкую дубовую бочачку можна цалкам сабе дазволіць - замучаецеся змагацца з бактэрыяльным забруджваннем - галоўным ворагам півавара. А вось чыпсы, кубікі і іншыя формы нарэзанай дубовай драўніны будуць больш рацыянальным і простым вырашэннем.

Для такіх эксперыментаў, дарэчы, калі набрацца досведу, падыходзяць практычна любыя гатункі піва. Не толькі «цяжкія», як падказвае логіка. Але пачніце, усё ж, з менш «патрабавальных» портэра ці моцнага стаута.

Улічыце, што ад формы драўлянага «інгрэдыента» залежыць водар, якога вы жадаеце дамагчыся: да прыкладу, чыпсы падыдуць, калі патрэбен просты лёгкі драўляны прысмак і танін. А кубікі, як сцвярджаюць дэгустатары, за кошт меншай плошчы паверхні дораць напою ванільныя і какосавыя ноткі.

Эксперыментаваць можна таксама за кошт ступені абпаленасці дубовых кавалачкаў і, зразумела, часу вытрымкі піва.

Што датычыцца аб'ёму, то на 20 літраў трэба ад 30 да 50 грамаў чыпсаў або ад 50 да 100 грамаў кубікаў.

Піва (пакуль без дадання дуба) варыцца і ставіцца на першаснае закісанне.

Зараз трэба правільна падрыхтаваць драўліну да будучай працэдуры. Спачатку абавязкова трэба яе прадэзінфікаваць - ня хіміяй, зразумела, а пракіпяціце хвілін пяць-сем.

Так як бочкі для такіх працэдур выкарыстоўваюцца з тых, у якіх раней вытрымлівалі які-небудзь моцны спіртавы напой, то і кавалачкі дрэва трэба падвергнуць іх ўздзеянню. Выбірайце на свой густ - каньяк, ром, бурбон... Засыпайце дуб у шкляную банку, залівайце алкаголем, каб ён цалкам пакрыў дрэва, і чакайце каля тыдню. Потым зліце і паўтарыце з новай порцыяй таго ж алкаголю. «Настойка», якая атрымаецца ў другі раз, яшчэ спатрэбіцца - яе ня вылівайце. :-)

Пераліце піва на другаснае закісанне, змясціўшы ў ёмістасць падрыхтаваныя кавалачкі дуба ў марлевым мяшочку. Вытрымлівайце піва з такімі чыпсамі прыкладна тыдзень, з дубовымі кубікамі - ад месяца і больш.

Калі на выхадзе драўляны характар будзе залішні — можна згладзіць, падоўжыўшы вытрымку. Калі хочацца дадаць характару таго моцнага напою, у якім вы замочвалі дуб, - далівайце з пакінутай «настойкі».

Аўтар: Юргіс Думбляўскас


Травень 1, 2017 13:44